ПАЗЫКО́ВЫ КАПІТА́Л,

грашовы капітал, які даецца ў пазыку на ўмовах вяртання за плату ў выглядзе пазыковага працэнта. Уяўляе сабой адасобленую частку прамысловага капіталу. Павелічэнне масы П.к. перавышае накапленне сапраўднага капіталу з прычыны развіцця крэдытнай сістэмы, росту крыніц П.к. (даходаў насельніцтва і дзяржавы). Рух П.к. не супадае з рухам прамысл. цыкла, што абумоўлена нецыклічнымі фактарамі: маральнае старэнне абсталявання, рост попыту на П.к. з боку дзяржавы, развіццё рынку П.к. і г.д. Ва ўмовах рыначнай эканомікі характар руху пазычанай вартасці ў макраэканам. маштабе вызначаецца адносінамі ўласнасці, формы якіх разнастайныя. У гэтых умовах рух пазычанай вартасці набывае форму руху П.к. Мэта функцыянавання П.к. — атрыманне пазыковага працэнта, які з’яўляецца крытэрыем дэцэнтралізаванага размеркавання крэдыту па галінах і гасп. суб’ектах.

А.Ф.Кірэева.

т. 11, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)